Слонимский районный центр творчества детей и молодежи


Перейти к содержанию

Главное меню:


Адукацыйная праграма турысцка-краязнаўчага профілю напрамку "Юныя фалькларысты" аб'яднання па інтарэсах "Беларуская гасцёўня"

Юные фольклористы

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Слонімскі раённы центр творчасці дзяцей і моладзі”

 

 

УЗГОДНЕНА

Начальнік аддзела адукацыі,

спорту і турызму

Слонімскага райвыканкама

_________ Т.В.Юшкевіч

«   » верасня 2015г

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад дырэктара

дзяржаўнай установы адукацыі «Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі»

«__» верасня 2015г № ______

 

 

 

Адукацыйная праграма турысцка-краязнаўчага профілю

напрамку “Юныя фалькларысты”

аб’яднання па інтарэсах «Беларуская гасцёўня»

 

 

 

 

Аўтар-складальнік:

Аляхновіч Наталія Уладзіміраўна,

педагог дадатковай адукацыі

Узрост навучэнцаў: 11-13 гадоў

Тэрмін рэалізацыі: 1 год

 

 

РЭКАМЕНДАВАНА

метадычным саветам

«___» верасня 2015г

пратакол №_____

 

г. Слонім

2015

 

 

 


Тлумачальная запіска

На сучасным этапе развіцця Рэспублікі Беларусь праблемы маральнага выхавання набылі асаблівую значнасць і прыярытэт. У працэсе гістарычнага развіцця нашай краіны тэма любові да сваёй зямлі і роднай мовы атрымлівае далейшае паглыбленне і канкрэтызацыю. Вялікая ўвага надаецца сістэме нацыянальнага выхавання і адукацыі.

Важную ролю ва ўзбагачэнні духоўнага жыцця навучэнцаў і далучэнні іх да творчасці нясе фальклор. Ён уключае ў сябе мову, вусную літаратуру, музыку, танцы, гульні, міфалогію, звычаі, рамёствы, дойлідства і іншыя віды мастацкай творчасці. Айчынныя даследчыкі пад ім разумеюць важнейшую частку нацыянальнай духоўнай культуры, якая аб’ядноўвае паэтычнае, музычнае, драматычнае, харэаграфічнае, дэкаратыўна-прыкладное, народнае выяўленчае мастацтва. Фальклор дапамагае выхоўваць пачуццё прыгажосці, разумець многія мастацкія з’явы, садзейнічае фарміраванню эстэтычнага густу, развівае лепшыя якасці асобы.

Адукацыйная праграма “Беларуская гасцёўня” накіравана на вывучэнне каляндарнай абраднасці як традыцыйнай сістэмы выхавання ў беларускім этнасе з улікам часовай цыклічнасці свят беларускага календара, мясцовых рэгіянальных традыцый. Для нас, як і для многіх пакаленняў нашых папярэднікаў, абрад (абрадавае, рытуальнае дзеянне) – гэта не што іншае, як сімвалічная “падзарадка” механізму падтрымлівання гармоніі ў свеце, прыродзе, грамадстве, у сваёй сям'і, нарэшце, у самім сабе. Навучэнцы аб’яднання вучацца станоўча ацэньваць духоўную спадчыну продкаў, падтрымліваць яе сваімі годнымі паводзінамі, шанаваць тое, што было створана рукамі далёкіх продкаў. І, такім чынам, цаніць сямейны дабрабыт, плённасць гаспадарчай дзейнасці і самае галоўнае – здароўе.

Мэта праграмы: выхаванне гарманічна развітай асобы сродкамі беларускага фальклору і народнай спадчыны рэгіёна.

Задачы праграмы:

·                   пашыраць кругагляд дзяцей шляхам вывучэння звычаяў беларускага народа, абуджаць цікавасць да традыцыйнай культуры Слонімшчыны;

·                   усебакова развіваць духоўныя сілы і здольнасці, садзейнічаць росту творчай актыўнасці, павышаць агульную мастацкую культуру;

·                   садзейнічаць развіццю задаткаў і дараванняў навучэнцаў;

·                   выхоўваць эстэтычнае стаўленне да з'яў навакольнай рэчаіснасці;

·                   удзельнічаць у творчых паказах, выступленнях, якія садзейнічаюць самарэалізацыі навучэнцаў;

·                   прывіваць любоў да роднай мовы, свайго краю, яго багатай традыцыйнай спадчыны і культурных здабыткаў.

 

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Час рэалізацыі праграмы – 1 год. Праграма разлічана на навучанне і выхаванне дзяцей 11–13 гадоў (6 гадзін у тыдзень, 216 гадзін у год). Колькасць навучэнцаў у групе –15 чалавек.

 

 

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне

·                   асобны кабінет, разлічаны на экспазіцыйную выставу;

·                   аўдыё- і відэаапаратура;

·                   народныя касцюмы;

·                   народныя музычныя інструменты;

·                   тэхнічныя сродкі навучання;

·                   памяшканне для захоўвання рэквізіта і дэкарацый;

·                   метадычная літаратура.

 

ВУЧЭБНА-ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН

№ п/п

Назва тэмы

Усяго гадзін

Тэорыя

Практыка

1

Уводна-азнаямленчы занятак. Праслухоўванне

3

1

2

2

Беларускі фальклор,

асноўныя віды і жанры

12

6

6

3

Асноўныя прынцыпы народнай культуры

12

4

8

4

Святочны каляндар Беларусі

12

4

8

5

Абрадавая практыка беларусаў

39

12

27

6

Сцэнічны рух і народная харэаграфія

21

6

15

7

Каляндарна-абрадавыя песні

24

9

15

8

Гульня ў структуры народнага свята. Абрад гульні народнага календара

21

3

18

9

Традыцыйныя беларускія промыслы і рамёствы

21

3

18

10

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

18

3

15

11

Даследчая дзейнасць

30

6

24

12

Выніковы занятак

3

-

3

Усяго:

216

57

159

 

Змест праграмы

 

1.     Уводна-азнаямленчы занятак. Праслухоўванне

Тэорыя. Знаёмства з праграмай аб’яднання, патрабаваннямі бяспекі, правіламі паводзін.

Практыка. Праслухоўванне: праверка наяўнасці музычнага слыху, пачуцця рытму, зыходных галасавых дадзеных дзяцей. Гульні на знаёмства.

2.     Беларускі фальклор, асноўныя віды і жанры

Тэорыя. Агульная характарыстыка відаў і жанраў фальклора. Калектыўнасць, традыцыйнасць, вуснасць, варыятыўнасць – вызначальныя рысы фальклорных твораў. Сувязь фальклору з этнаграфіяй. Жанры пазаабрадавага фальклору. Прыказкі і прымаўкі. Загадкі. Жарты. Народныя прыкметы і павер’і. Лічылкі, калыханкі, забаўлянкі. Скорагаворкі. Казкі.

Практыка. Складанне апавяданняў па прыказках і прымаўках, іх інсцэніроўка. Экскурсія назірання за прыродай “Народныя прыкметы.”  Віктарына “Прыказкі і прымаўкі”. Конкурс на лепшае выкананне лічылкі, калыханкі або забаўлянкі. Конкурс-гульня “Спрытныя і хуткія”(чытанне скорагаворак). Чытанне народных казак (педагогам, навучэнцамі па ролях). Творчы пераказ. Складанне ўласных казак. Гульнёвая праграма “Вернісаж фальклорных твораў”. Завочнае падарожжа “Фальклорная спадчына беларускага народа”.

3.     Асноўныя прынцыпы народнай культуры

Тэорыя. Народная духоўная культура беларусаў. Сімволіка беларускай народнай культуры. Паняцці род, радня, народ у беларускіх прыказках і прымаўках, легендах і паданнях, іншых жанрах фальклору. Слоўнік сваякоў. Сямейна-сваяцкія сувязі сучаснай сям’і. Радаводнае дрэва. Этапы складання радаводу: збор першапачатковых звестак пра сям’ю, складанне радаводнага дрэва, удакладненне і дапаўненне звестак.

Практыка. Конкурс выказванняў “Якія лепшыя якасці я хацела(ў) б(ы) атрымаць у спадчыну ад маіх продкаў?”, “Што я хачу сказаць сваім нашчадкам?”. Складанне слоўніка сваякоў. Складанне радаводнага дрэва і яго прэзентацыя навучэнцамі. Выстава сямейных рэліквій і сямейных фотаздымкаў. Вячоркі “Бабулін куфэрак”.

4.     Святочны каляндар Беларусі

Тэорыя. Святочны каляндар Беларусі. Характарыстыка свят паводле народнага календара. Земляробчы каляндар і назвы месяцаў. Прыродна-касмічныя асновы пабудовы традыцыйнага беларускага календара.

Практыка. Віктарына “З крыніц спрадвечных”. Пазнавальна-забаўляльная праграма “Кола святаў”. Распрацоўка і афармленне насценнага народнага календара. Вусны часопіс “Народныя прыкметы ў святы”. Конкурс “Фальклорны кірмаш”. Правядзенне вечарыны “Жавароначкі, прыляціце”. Гульнёва-забаўляльная праграма “Сёння свята для ўсіх будзе!”.

5.Абрадавая практыка беларусаў

Тэорыя. Структура абраду. Час дзеяння. Месца дзеяння. Галоўныя персанажы абраду. Нацэленасць абрадавай практыкі на садзейнічанне і паляпшэнне сямейнага дабрабыту. Сувязь абрадаў з традыцыйнымі святамі, з галоўнымі этапамі жыцця і працоўнай дзейнасцю чалавека. Сям’я і сямейны побыт. Агульная характарыстыка сямейна-родавых абрадаў. Дом – абагульненая карціна свету. Будаўніцтва дома як стварэнне свету. Асваенне, або "ажыўленне", новага дома. Сімволіка асноўных рытуальных месцаў у доме і на падворку. “Каб палепшыць свой дабрабыт”. Традыцыйная культура харчавання беларусаў. Абрадава-магічнае слова. Варажба як састаўная частка каляндарных абрадаў. Рытуальныя стравы. Характар харчавання ў залежнасці ад часу і пастоў. Калядныя святкі. Штогадовы цыкл праваслаўнай пасхаліі. Цыкл вяснова-летніх абрадавых урачыстасцяў. Рэгламентуемыя пажаданні. Рытуальныя забароны, патрабаванні. Закон рытуальнай перавёрнутасці ў абрадавай практыцы беларусаў. Уплыў абрадавых рэгламентацый на паводзіны чалавека ў паўсядзённым жыцці. Нараджэнне дзіцяці, хрэсьбіны, вяселле, пахаванне, памінанне. Абрадавыя дзеянні для паляпшэння дабрабыту. Асаблівасці рэгіянальнага дыялекту. Пра што расказваюць старадаўнія ўзоры. Знаёмства з арнаментамі рушнікоў.

Практыка. Прагляд відэафільма абрадаў “Хрысціны”, “Вялікдзень”, аналіз абрадаў. Вячоркі “У госці да Васіліны”. Тэатралізацыя фальклорных мініяцюр. Пастаноўка абрадаў “Гуканне вясны”, “Уваходзіны” з улікам мясцовых асаблівасцей (дадатак 1).

6. Сцэнічны рух і народная харэаграфія

Тэорыя. Асноўныя элементы народнага танца. Асноўныя пазіцыі рук, ног. Карагодная пластыка. Віды карагодаў. Сцэнічны рух і гульні. Гульнёвыя карагоды. Традыцыйна-побытавы танец. Структура танца, асноўныя рухі, паставы корпуса. Танцавальны этыкет. Узаемасувязь паміж песняй і сцэнічнымі рухамі.

Практыка. Выпрацоўка правільнай паставы. Музычна-рытмічныя навыкі. Развучванне гульнёвых карагодаў, карагодаў календарна-абрадавага цыклу, традыцыйна-побытавых танцаў. Фарміраванне выканальніцкіх навыкаў. Пастановачная работа. Развучванне і выкананне побытавых танцаў.

7. Каляндарна-абрадавыя песні

Тэорыя. Гісторыя ўзнікнення і развіцця музычнага фальклору. Народная песня. Мелодыя народнай песні. Драматычны змест песень. Дзіцячыя песні, калыханкі. Заклічкі, абыходныя, карагоды, рэчытатывы.

Практыка. Праслухоўванне народных песень у выкананні калектываў. Развучванне беларускіх народных песень. Спалучэнне спеваў з рухамі, гульнёй. Спевы з акампанементам, з фанаграмай. Індывідуальная работа з навучэнцамі.

8. Гульня ў структуры народнага свята. Абрад гульні народнага календара

Тэорыя. Беларускія народныя гульні. Гульні з музыкай. Ігрышчы, вячоркі, вечарыны, вечарніцы. Абрадавая гульня народнага календара – інсцэніроўка пэўных рытуальных дзей. Гульні зімовыя, веснавыя, летнія і асеннія, сямейна-абрадавыя.

Практыка. Гульні з музыкай: “У золата”, “Гусак”, “Ноч і дзень”, “У ружу”, “Мост”, “У казіны рог”, “У ката”, “У гнілога бурака”, “У воўкі і авечкі”, ”Маша”, ”Адгадай хто?”, “Сляпы музыка”, “Ляскаўкі”, “У Бабу Ягу”, “Палачка-шукалачка”, “Куры”, “Жмуркі”. Зімовыя гульні: “Ваджэнне казы”, “Яшчар”, “Жаніцьба Цярэшкі”, “Падушачка” і г. д. Веснавыя гульні: “Проса”, “Журавель”, “Гуканне вясны”, “Перапёлачка”, “Ваджэнне і пахаванне стралы”, “Біццё яек”. Летнія і асеннія гульні: “Зялёныя святкі”, “Завіванне і развіванне вянкоў”, “Варажба на Купалле”. Сямейна-абрадавыя гульні: “Пазнай нявесту”, “Вазенне Бабкі” і г. д.

9. Традыцыйныя беларускія промыслы і рамёствы

Тэорыя. Традыцыйныя беларускія промыслы і рамёствы. Саломапляценне. Лепка з гліны.  Беларуская лялька.

Практыка. Пляценне з саломкі “Павука”. Экскурсія да народнага майстра Слонімшчыны па гліне Салейкі Н.П. Лепка свістулькі “Качка”, “Курачка”, “Пеўнік”, “Птушка”. Выраб лялькі-абярэга з тканіны.

10. Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

Практыка. Пазнавальна-забаўляльная праграма “У гасцях у цёткі Лявоніхі”. Літаратурна-музычная гасцёўня “Гармонія працы, шчасця і абавязку”. Гульнёвая праграма “Бульбяная акадэмія навук”. Гульня-падарожжа “Край родны мой, Беларусь”. Вечар-сустрэча “Сямейны альбом”. Гутарка “Традыцыі і рэліквіі ў бацькоўскім доме”.

11. Даследчая дзейнасць

Тэорыя. Этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна. Гістарычныя звесткі аб Слонімшчыне.

Практыка. Наведванне бібліятэкі, знаёмства з фальклорнымі зборнікамі, хрэстаматыямі, энцыклапедыямі і іншай літаратурай, прысвечанай традыцыйнай нацыянальнай культуры. Вывучэнне краязнаўчай літаратуры, наведванне краязнаўчага музея. Збіранне мясцовага фальклору. Запіс фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Апрацоўка і афармленне запісаў. Рэканструкцыя абрадаў з улікам мясцовых асаблівасцей “Гуканне вясны”, “Каравайны абрад”, “Купальскі абрад”, “Валачобны абрад”. Стварэнне скарбонкі каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

12. Выніковы занятак

Фальклорнае свята (сустрэча з носьбітамі фальклору, прэзентацыя навучэнцамі “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна).

 

Прагноз выніковасці

У выніку засваення праграмы дзеці павінны

ведаць:

·       асноўныя тэарэтычныя звесткі пра фальклор, яго жанры;

·                          асаблівасці каляндарна-абрадавай культуры беларусаў;

·       каляндар народных гульняў, беларускія народныя гульні;

·       беларускія песні, карагоды, гульні і распазнаваць іх;

·       асаблівасці выканання народных песень і танцаў;

·       тэхналогію вырабу глінянай цацкі-свістулькі, “павука” з саломкі, лялькі-абярэга;

·                          рэгіянальныя асаблівасці народнай культуры;

·                           прымуць удзел у розных гульнёвых праграмах і атрымаюць уменні і навыкі выканання твораў беларускай традыцыйнай культуры;

умець:

·        размаўляць на роднай мове;

·        слухаць, успрымаць і выконваць беларускія калыханкі, песні;

·        выконваць простыя карагодныя рухі і іх камбінацыі пад музычнае суправаджэнне;

·        гуляць у народныя гульні і вадзіць карагоды;

·        самастойна працаваць над вобразам ролі, ствараць яркія вобразы, выражаць эмоцыі ў словах, міміцы і жэстах;

·        працаваць у калектыве і падпарадкоўвацца агульным правілам.

·        ствараць узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў тэхніцы саломапляцення, лепцы з гліны, вырабу беларускай народнай лялькі;

·        удзельнічаць у творчых паказах, выступленнях, якія садзейнічаюць творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

 

Прыкладны рэпертуар

Калядныя песні: “Ой, дзе ж мы ходзім”, “На двары чорна хмара ўецца”, “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму”, “На нова лета радзі, Божа, жыта”, “Хадзіла-блудзіла семсот малайцоў”.

Масленічныя песні: “У нас сягоння масленіца, масленіца”, “Калода рагочыць, сыра, бліна хочыць”. “Ці спёкся блін, ці зварыўся сыр?”, “А ад масла – гара ясна”.

Песні-вяснянкі: “Харашо вясной да поле чыстае”, “Жавароначкі, прыляціце”, “Медуніца”, “Вясна-вясенечка”.

Велікодныя песні: “Валачобнікі валачыліся”, “Хрыстос васкрэс на ўвесь свет”.

Юр’евыя песні: “Юр’я, устань рана, Юр’я, умыйся бела”, “Зарадзі, Божа, жыта на прышлае лета”.

Троіцкія песні: “Хадзіла Тройца каля аконца”, “Бяроза дзевачак прасіла”.

Купальскія песні: “Сягоння Купала, заўтра Ян, да заграй, сонейка, заграй нам”, “Ой, рана-рана на Яна”.

Жніўныя песні: “Хвалілася сыраежка”, “Ой, не ляжы, ветру, у полі”.

Талочныя песні: “Як ішлі мы з талакою”, “На гары лён”.

 

Метадычныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Пры рэалізацыі праграмы ўлічваюцца індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, іх асабістыя патрабаванні. Да заняткаў падбіраюцца такія народныя песні, гульні, іншыя фальклорныя матэрыялы, якія зразумелыя і цікавыя навучэнцам і адпавядаюць сённяшнім эстэтычным патрабаванням.

Педагагічныя метады, якія выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі праграмы:

·        славесныя (расказ, гутарка, тлумачэнне, чытанне казак педагогам);

·        наглядныя (дэманстрацыя работ, паказ ілюстрацый, прагляд відыяфільмаў);

·        назірання (экскурсіі, праслухоўванне і аналіз музычных твораў);

·        гульні;

·        практычныя (выраб сваімі рукамі простых вырабаў з саломкі, гліны, тканіны);

·        стымулявання і матывацыі;

·        фарміравання цікавасці да навучання.

На занятках у сукупнасці прымяняюцца метады пераканання, спаборніцтва, пахвалы і заахвочвання, тлумачэння і іншыя.

Прынцыпы пабудовы заняткаў:

·        ад пастаноўкі творчай задачы да дасягнення выніку;

·        актыўны ўдзел усіх навучэнцаў у адукацыйным працэсе;

·        чаргаванне калектыўных задач і практыкаванняў з індывідуальнымі заданнямі;

·        ускладненне практыкаванняў з выкарыстаннем “комплексу пазнавання”, калі практыкаванні падаюцца як мадыфікацыя знаёмых гульняў;

·        дзяленне групы на падгрупы “артыстаў” і “гледачоў”.

На занятках выкарыстоўваюцца аўдыё- і відэяматэрыялы, запісаныя ад прафесійных выканаўцаў фальклору, а таксама носьбітаў мясцовых традыцый. Пасля праслухоўвання фальклорных твораў праводзіцца аналіз, развучванне і выкананне.

Праграма прадугледжвае даследчую дзейнасць, якая дазваляе вывучаць рэгіянальную эстэтыку праз стасункі з носьбітамі народных традыцый, знаёміцца з фондамі мясцовых бібліятэк і краязнаўчага музея, наладжваць супрацоўніцтва з мясцовымі краязнаўцамі.

Формы арганізацыі дзяцей на занятках: франтальная, групавая, індывідуальная.

Формы правядзення заняткаў: камбінаваныя, майстар-класы, творчыя сустрэчы са знакамітымі людзьмі Слонімшчыны, экскурсіі, конкурсы, гульнёва-пазнавальныя праграмы, выхаваўчыя гутаркі, пастаноўкі свят і абрадаў.

Крытэрыямі для дыягностыкі засваення праграмы і асабістага развіцця навучэнцаў з’яўляюцца:

·        дынаміка росту выканаўчай культуры навучэнцаў з улікам зыходнага ўзроўню падрыхтоўкі дзяцей і іх актыўнасць на занятках;

·        праяўленне навучэнцамі цікавасці да беларускага абраду, непасрэдны эмацыянальны водгук;

·        актыўнасць у ходзе творчых сітуацый, здольнасць карыстацца набытымі ведамі, уменнямі і навыкамі.

Галоўны вынік працы – пастаноўка абрадаў з улікам фальклорнай спадчыны рэгіёна (дадатак 2). У канцы навучальнага года – фальклорнае свята з удзелам мясцовых носьбітаў фальклору. Прэзентацыя навучэнцамі “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна.

 

ЛІТАРАТУРА

 

Для педагога:

1.     Валодзіна, Т.В. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў / Т. В. Валодзіна. – Мінск, 1999.–265 с.

2.     Глебка, П.Ф. Беларускі фальклор. Хрэстаматыя / П.Ф. Глебка/ Мінск: Вышэйшая адукацыя, 1970. – 345 с.

3.     Жыцця адвечны лад: беларускія народныя прыкметы і павер’і. – Кн. 2/ уклад. У.А. Васілевіч. – Мінск, 1999. – 310 с.

4.     Земляробчы каляндар: абрады і звычаі.- Мінск, 1990. – 448 с.

5.     Зямля  стаіць пасярод свету: беларускія народныя прыкметы і павер’і. – Кн. 1/ уклад. У.А. Васілевіч. – Мінск, 1996. – 306 с.

6.     Казакова, І. В. Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры / І.В. Казакова. – Мінск, 1997. – 360 с.

7.     Каляндарна-абрадавая паэзія / А.С. Ліс і інш.; навук. Рэд. А.С. Фядосік. – Мінск, 2001. – 506 с.

8.     Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры /Я.Крук. – Мінск, 2001. – 108 с.

9.     Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў /  В.Ліцвінка. – Мінск, 1997. –503 с.

10. Лозка, А.  Беларускі народны каляндар / А. Лозка. 2-е выданне, Мінск: Полымя, 2002. – 489 с.

11. Слонімшчына вычыма навукоўцаў і краязнаўцаў: Матэрыялы рэгіянальнай гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 750-годдзю горада Слоніма і 70-годдзю заснавання Слонімскага раённага краязнаўчага музея ім. І. І. Стаброўскага / складальнікі Д. С. Аляшкевіч, І.П. Крэнь; Пад.рэд. І. П. Крэня. – Слонім. – 2002. – 392 с.

12. Сысоў, У. М. З крыніц спрадвечных / У.М. Сысоў. – Мінск, 1997. - 415 с.

Для навучэнцаў:

1.     Беларускі дзіцячы фальклор. / М.А. Аляхновіч, М.В. Рахчэеў, А.С. Фядосік, У. Д. Каструлеў. – Мінск, 1994. – 272 с.

2.     Беларускія народныя абрады./ Склад., навук. Л.П. Касцюкавец. – Мінск, 1994. -128с.

3.     Беларускія народныя гульні. – Мінск., Юнацтва, 1993. – 132 с.

4.     Беларускія народныя гульні ў школе / склад. У. М. Краж, В. В. Трубчык. – Мінск, 1993. – 80 с.

5.     Лозка А. Беларуская батлейка: каляндарныя і абрадавыя  гульні / А Лозка. – Мінск: НІА, 1996. – 183 с.

6.     Народная культура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск., 2002. –890 с.

7.     Ракава, Л. В. Традыцыі сямейнага выхавання у беларускай вёсцы / Л.В.Ракава. - Мінск., 2000. -  380 с.

8.     Старжынская, Н. С. Сябруем і гуляем разам./ Н.С. Старжынская. – Мінск, 1994. –  80 с.

9.     Сяргеяў, В.І. Пляценне з саломкі./  В. І. Сяргеяў. – Растоў-на-Дону. – 2000. – 192 с.

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатак 1

АбрадГуканне вясны

(сцэнарная распрацоўка)

 

Мэты і задачы: стварэнне атмасферы вясёлага народнага свята, далучэнне дзяцей да традыцый народнай культуры, развіццё творчых здольнасцей дзяцей.

Удзельнікі: навучэнцы 10–15 гадоў.

Месца правядзення: тэрыторыя сядзібы графа Пуслоўскага (г.Слонім).

Абсталяванне: напечаныя птушачкі-жавароначкі, кошычак з “галёпамі” (булачкамі), стары посуд, гаршчочкі, гліняныя свісцёлкі, зерне ў вышыванай торбачцы, вада ў гліняным збаночку, бутафорскі снег, снежная баба.

Падрыхтоўчая работа: знаёмства з каляндарна-абрадавай культурай вясновага цыкла, сустрэчы і размовы са старымі жыхарамі бліжэйшых да горада вёсак, нарыхтоўка мясцовага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, падбор аўдыяматэрыялаў, сцэнаграфія і рэжысура свята, падрыхтоўка адзення для ўдзельнікаў свята, стварэнне аблічча дзеючых асоб тэатралізаванага прадстаўлення (Вясны, Зімы), падрыхтоўка неабходнага абсталявання.

 

Ход мерапрыемства

 

Дзея адбываецца на двары каля “вясковай” хаты.

 

Васіліна. Дзякуй Богу, сонейка ўжо добра свеціць, але яшчэ не грэе. Няма яшчэ сапраўднай вясны і, мабыць, рана я пачала ў хаце прыбіраць ды ўсё прасушваць. Вось, нават рукі змерзлі, хоць рукавіцы надзявай.

Бабуля. Добры дзень, Васіліна, Бог табе ў дапамогу.

Васіліна. Добры дзень, дзякуй за добрыя словы.

Бабуля.вяртае ўвагу на вырабы). Якая прыгажосць! Наткалі, відаць, за зіму са сваёй Аленай!

Васіліна. Ды ўжо ж, наткалі. А што гэта вы так цёпла апрануты, вясну палохаеце, зіму падтрымліваеце?

Бабуля. Ой, яшчэ холадна, суседачка. Ды, калі гаварыць аб вясне, то па старому звычаю вясну паклікаць трэба. Раней заўсёды так рабілі. Моладзь збіралася ды ішла на сухі прыгорак вяснянкі спяваць, вясну-красну заклікаць:

              Ой, вясна ты, вёсенка, дзе падзелася,

              Нам зіма халодная ўжо і прыелася.

Васіліна. Цікава Вы, баба, расказалі. Дзякуй Вам. Пайду дзяцей клікну, паспрабуем і мы вясну-красну пагукаць, зімку халодную прагнаць. Я і «птушачак» з самага ранку напякла дзяцей хацела парадаваць. Марылька, Ганначка, Аленка, хадзіце хутчэй сюды, нешта цікавае вам скажу!

З'яўляюцца Марылька, Ганначка і Аленка.

Васіліна. Дзеткі, бяжыце, клічце сваіх сябровак, будзем вясну гукаць.

У двары з'яўляюцца дзеці рознага ўзросту.

Марылька. Дзякуй Вам, цётка Васіліна, і Вам, бабуля, за тое, што запрасілі нас вясну гукаць, зімку праганяць.

Аленка. Вясну-красну гукаці,

              Сцюдзёну зімку замыкаці, 

              Сцюдзёну зімку ў каморачку,

              А цёплае лецечка ды і на вулачку.

              Благаславіце нас вясну гукаці!

Бабуля. (благаслаўляе). Калі ласка! Гукайце. Вясну-красну прыклікайце! Благаславі, Божа, вясну заклікаці, зімачку халодную забываці!

Дзяўчаты.Вясна - красна – гу!

                   Прыйдзі, ясна – гу!

Бабулька. А цяпер бярыце печаных жаўрукоў (дае з кошычка жаўрукоў), ідзіце на высокія мясціны, уверх іх падкідайце, каб птушкі ўбачылі, да нас прыляцелі, на сваіх крыльцах Вясну прынеслі.

Дзяўчаткі ідуць на пагорак і спяваюць песню “Вясна, вясына”.

Вясна, вясына

Вясна, вяс(ы)на на калочку,

Не напрала на сарочку.

Вясна, вяс(ы)на на прыпечку,

Вясна, вясна на прыпечку.

Не напрала на світачку.

Вясна, вяс(ы)на да й на печы,

Вясна, вясна да й на печы,

Не напрала да й на плечы.

 

На пагорку падкідваюць жаўрукоў і спяваюць песню “Жавароначкі, прыляціце!”.

 

Жавароначкі, прыляціце!

Жавароначкі, прыляціце!

Вясна-красна на ўвесь свет!

Вясну-красну прывядзіце!

Ідзе вясна, йдзе красна!

А зімушку праганіце!

 Вясна-красна на ўвесь свет!

Бо зімушка надаела,

Ідзе вясна, йдзе красна!

Многа хлебушка пераела,

 Вясна-красна на ўвесь свет!

 

Васіліна. Вясна наша вясёлая – гу!

Марылька. Развесяліла зямлю, ваду – гу!

Леся. Зямлю, ваду, мяне маладу – гу!

          Ой, вясна вясёлая – гу!

          Нарасла трава зялёная гу!

Васіліна. Ці скора ты, жаданы час,

                 Вясны-красны ідзеш да нас?

Марылька. Сагрэй ты нас, цяплом абвей,

                     Ідзі вясна, ідзі хутчэй!

Аленка. А ў лесе лісіца брэша,

               Мядзведзь рыкае, вясну гукае.

Ганначка. Вол бушуе – вясну чуе,

                   Карова раве – вясну заве.

Усе разам спяваюць песнюВол бушуе».

Вол бушуе

 

Вол бушуе – вясну чуе, (2)

Воран крача сыра хоча; (2)

Дзеўка плача замуж хоча.

– Не бушуй, воле, пойдзеш у поле, (2)

Да ў полі наарэшся.

Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж, (2)

Да й замужам нажывешся.

Наараўся вол, улёгся, (2)

Воран крача, сыра з’еўшы. (2)

Дзеўка плача, сына меўшы.

 

Васіліна. Дай нам жыта, ды пшаніцы,

                 У агародзе сенажаць,

                 Роўны грады,

                 Поўны грады,

                Восенню шмат коп нажаць!

(Усе разам спяваюць) Вясна наша вясёлая – гу!

                                      Развесяліла зямлю, ваду – гу!

                                     Зямлю, ваду, мяне маладу – гу!

                                     Ой, вясна вясёлая – гу!

                                     Нарасла трава зялёная – гу!

Васіліна. Ой, як добра пагукалі вясну, аж, здаецца, пацяплела.

Ганначка. Сапраўды пацяплела. Дзяўчаты, а хто гэта да нас набліжаецца ў прыгожым, яркім адзенні?

Аленка. Ды гэта ж Вясна! Вясна ідзе!

Вясна. Еду, еду на плужочку,

            Еду, еду на баронцы,

            На залатым еду канёчку,

            Я на вашай, на старонцы!

Дзяўчаты. А мы вароты адчыняем,

                   Цябе, Вёсенка, сустракаем!

Вясна (вітаецца з усімі) Доўга да вас ехала, спяшалася,

                                          Па дарозе Зімку бачыла, прывіталася,

                                          Аб жыцці-быцці распыталася.

Ганначка. Ой, Вясна-красна, што ты нам прынясла?

Вясна. А дам я вам жменю ячменю,

            Жыта карыта, мерку пшаніцы!

            Вадзіцы з крыніцы. (Сыпле зерне, пырскае вадой).

Марылька. Вясна-красна, што яшчэ прынясла?

Вясна. Маладзенькім па плужочку,

            А старэнькім па кіёчку.

            Маладзіцам-цёткам хаты прыбіраці,

            Ды красёнцы даткаці.

           Дзеткам добрым пагуляці!

Васіліна. Дзякуй, Вясна-красна, за тое, што не абмінула наш край!

Аленка. Дзякуй за пажаданні добрыя, за падарункі харошыя!

Нечакана для ўсіх з'яўляецца дзяўчына ў прыгожай белай вопратцы, з блішчастай каронай на белых валасах – Зіма.

Зіма. Рана, ой, рана прыйшла Вясна. Я, Зіма, не збіраюся ўступаць трон малодшай сястрыцы Вясне. Па дарозе сюды я чула, як вы песню спявалі (спявае-перакрыўляе непрыгожа спевы дзяўчат). А я чысты, крыштальны, халодны снег буду сеяць. (Раскідвае «снег».) Птушак гаманлівых, ранніх веснікаў сястрыцы Вясны, разганю, есці не дам, а іхняга галоўнага, што ў чырвоных ботах ходзіць, зусім не пушчу ў край свой прыгожы ды халодны. Сакавік, дакладна, будзе мой, бо гэты месяц заўсёды быў прадметам спрэчак паміж мной і сястрыцай. Ну, а зараз, падзьму мацней, накідаю снегу ды пайду адпачну.

Кружыцца, дзьме, сее «снег», усе хаваюцца, закрываючы сабой Вясну.

Зіма, кружачыся, выходзіць.

Ганначка. Што цяпер нам рабіць, як пакінуць Вясну-красну, як Зіму адправіць на адпачынак?

Васіліна. Не сумуйце, я ведаю, што трэба зрабіць. Нам трэба адамкнуць вясну, замкнуць зіму.

Аленка. Як гэта зрабіць?

Васіліна. А вось у чым справа, мае вы дзеткі. Дапаможа нам песня-вяснянка, зварот да пчолкі. Паўтарайце за мной. (Усе паўтараюць)

                     Ты, пчолачка ярая, пчолачка ярая!

                     Ты вылеці з-за мора,

                     Ты вынесі ключыкі, ключыкі залатыя.

                     Ты замкні зімачку, зімачку сцюдзёную. 

                     Адамкні лецейка, лецейка цёплае.

Аленка. Пацяплела, і снег растаў. І Зіма ад нас пайшла.

Марылька. Спалохалася Зіма ды ўцякла ў далёкі халодны край.

Васіліна. (падыходзіць да снежнай бабы). Дзяўчаткі, трэба “бабу” разбіваць на часткі, каб зіма на дзевяць месяцаў ад нас пайшла.

Весела разбіваюць снежную бабу.

Вясна. Дзякуй вам, людзі добрыя, за тое, што мяне чакалі, добра прымалі. (Нібы чаруючы) Каб вы ніколі не хварэлі. Хай нясуць вас увысь вясны арэлі!

Васіліна. Ну, вы, маладзенькія, яшчэ пазабаўляйцеся, а я пайду, гаспадаркай займуся.

Вясна. Я чула, што вы гуляць любіце?

Дзеці. Так, любім.

Вясна. Станавіцеся па кругу.

Гульня “Хатняя жывёла”

Гучыць беларуская народная песня “Кірмаш”.

Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па кругу. Пасярэдзіне – “баба”, якая спявае і суправаджае словы смешнымі рухамі. Дзеці павінны здагадацца, чый вобраз яны ствараюць.

   Бабка Еўка, дзед Талаш

   Паехалі на кірмаш.

   Што павезлі прадаваць?

   Паспрабуйце адгадаць.

Вясна. Малайцы! Жадаю ўсім гаспадарам, каб кароўкі былі здаровымі, малачка больш давалі, дамоў з пашы вярталіся – дарогі не забывалі; каб куркі добра яечкі неслі; парасяткі раслі тлустымі ды ладнымі, вадзіліся не зводзіліся.

Ну, а зараз, ісці далей мне трэба. Бывайце, людзі добрыя, бывайце. Шчыра вясною працуйце ды лецейка краснае чакайце!

(Нібы чаруючы) На жыта высокае, на ночы цёплыя, на дажджы ўраджайныя, на леты добрыя, на дружбу чыстую, на долю шчаслівую, узляціце, вясны арэлі.

Вясна дастае з сумкі птушкі-свісцёлкі і раздае іх дзяўчатам.

Дзяўчаты ў сваю чаргу радасна свісцяць у іх.

Марылька. Як жа хораша! Давайце карагоды вадзіць!

Дзяўчаты водзяць карагоды, спяваюць песні-вяснянкі.

Аленка. Ой ты, сяброўка мая, паненка,

              Прыгожая ў цябе сукенка,

              Апусці руку ў кішэню,

              Вымай загадак жменю!

Ганначка. (загадвае загадкі).

·        Раніцай упала ў лебяду – удзень не знайду. (Раса).

·        Ціха ў полі, ціха ў лесе

      Чуць балбоча ручаёк.

      А высока ў паднябессі

      Льецца звонкі галасок. (Жаваронак)

·        З-пад снегу выйшла, расцвіла,

      І так, што аж зіма ўцякла. (Пралеска)

·         Над палацам па бярозе

 З радасцю вясновай

 Працалюб прыгожы

 Свішча адмыслова.  (Шпак)

·        У лужку-лужочку

Выраслі сястрычкі,

Залатое вочка,

Белыя раснічкі.   (Рамонкі)

·        Заліхвацкі вадавоз

Воз вады па небе вёз.

Гэтак грукацеў вядром,

І мы ўсе пазналі …   (Гром)

Аленка. Ой, а ўчора чулі грымоты? Я так спужалася: у сакавіку – ды гром!

Наталля. І я чула, таксама спужалася, але бабуля супакоіла, сказала, што па народным павер’і гэта добрая прыкмета: “Гром у сакавіку – прадвеснік урадлівасці”.

Алеська. Мая бабулька таксама шмат прыкмет ведае. Напрыклад: калі гусь стаіць на адной назе, другую падціснуўшы пад сябе, ці махае крыламі – да марозу; калі гусь хавае дзюбу пад крыло – таксама халадоў чакай.

Аленка. Цікавыя назіранні. Мікола, вы трымаеце гусей, як яны сябе паводзяць, якога надвор’я чакаць?

Мікола. Раніцаю бацька, як прыйшоў з вуліцы, сказаў, што, гледзячы на паводзіны жывёл, можна меркаваць, што ў бліжэйшы час маразоў не будзе.

Аленка. Ну і цудоўна!

Ганначка. Столькі спявалі, столькі гулялі, што аж есці захацелася.

Алена. Пачакайце, яшчэ адна справа важная засталася. Гаршчкі ды талеркі старыя з сабой узялі?

Усе. Узялі!

Алена. Дык, давайце разбіваць іх, матуля казала, што так мы развітваемся з усім старым, усе нягоды, усе непрыемнасці мінулага года выкідваем.

Дзяўчаты і хлопцы, весела, з гумарам, прагаворваючы тое, чаго хацелі б пазбавіцца, што хацелі б выкінуць са свайго жыцця і жыцця сваіх родных, разбіваюць посуд.

Марылька. Ой, як быццам, скінулі цяжар з плячэй. А зараз пайшлі да гаспадынькі нашай.

Падыходзяць да парога хаты і гавораць усе разам:

Гаспадынька наша,

Кідай сваю пражу,

Зіма ўжо прагнана.

Адчыняй свае дзверы,

Заві нас у госці.

Выходзіць Васіліна, запрашае ў хату, частуе гасцей.

Васіліна. Ну што, наспяваліся, нагуляліся? Зімачку прагналі? Вясну пагукалі? А я вам смачненькага прыгатавала. Частуйцеся, калі ласка! (Пасля частавання). Вось, малайцы, пачаставаліся. А зараз кідайце салому ў сцяну маёй хаты: колькі стукнецца саломінак у сцяну, столькі курыца знясе яек за год.

Хлопец кідае салому ў сцяну хаты.

         Алеська. А мая бабулька казала, што для таго, каб куры неслі шмат яек, першае знесенае яйка каталі па галаве дзіцяці і прыгаворвалі: “Курачка, курачка, знясі столькі яек, колькі ў Міколкі валаскоў!”

Васіліна. Так, ведаю я такі звычай. А хочаце, пазнаёмлю вас з яшчэ адным цікавым звычаем нашых продкаў? Бярыце, дзяўчаткі, калі ласка, “галёпы” ў мяне з кошычка і кладзіце кожная сваю ў рад: па павер’і, чыя “галёпа” будзе з’едзена першай, тая дзяўчына хутчэй за іншых выйдзе замуж. Ну, клічам сабаку.

Выпускаюць сабаку, і дзяўчаты, прыгаворваючы, клічуць яго, кожная да сваёй галёпы.

Ганначка. Веець, веець вясенні вецярок, прыйдзі, мой міленькі, дам табе піражок.

Марылька. З мёдам сычаным, з ласкаю дзявічаю.

Весела віншуюць дзяўчыну, чыю галёпу сабака з’еў першай.

На развітанне дзеці вядуць з гаспадарамі дома рытуальны дыялог.

         Дзеці. (да гаспадара) Не бачыце вы нас?

         Гаспадар. Не, не бачу!

         Дзеці. Каб жа вы не бачылі за стагамі, за снапамі, за вазамі, за мяшкамі свету!

         Дзеці. (да гаспадыні) Не бачыце вы нас?

         Гаспадыня. Не, не бачу!

Дзеці. Каб жа вы не бачылі за агуркамі, за морквай, за буракамі, за бульбай свету!

Васіліна. ( да дзяцей) Будзьце ж, мае харошыя,усе моцнымі, як вада,

                 Багатымі, як зямля,

                 Працавітымі, як пчала,

                 Прыгожымі, як вясна!

Дзеці дзякуюць гаспадыні, развітваюцца з ёю і адзін з другім.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Рейтинг@Mail.ru

Copyright © ЦTДиМ г.Слоним 2007-- All Rights Reserved. | tsdtslonim@mail.ru

Назад к содержанию | Назад к главному меню