Сайт ЦТДиМ Слоним. Учреждение дополнительного образования ЦТДиМ Слоним.


Перейти к содержанию

Главное меню:


Cакрэты жыццёвага ўкладу беларусаў

Статьи

Раскрыць сакрэты жыццёвага ўкладу беларусаў і перадаць іх педагагічнымі сродкамі падрастаючаму пакаленню – адна з важнейшых задач працы аб’яднання па інтарэсах фальклорнага накірунку “Беларуская гасцёўня” дзяржаўнай установы адукацыі “Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Наталлі Уладзіміраўны Аляхновіч.
На занятках аб’яднання дзеці знаёмяцца з традыцыямі і абрадамі беларускага народа, даведваюцца пра асаблівасці ўкладу жыцця, звычаі жыхароў Слонімшчыны.
Кожны год навучэнцы аб’яднання “Беларуская гасцёўня” прымаюць удзел у конкурсе фальклорных калектываў “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”. І кожны год займаюць прызавыя месцы. Не стаў выключэннем і бягучы год. На гэты раз прадстаўлены абрады “Гуканне вясны” і “Хрысціны”, пры распрацоўцы якіх навучэнцамі і педагогам была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа: выезды ў вёскі Слонімскага раёна, сустрэчы і размовы з бабулямі і дзядулямі – прадстаўнікамі старэйшага пакалення, носьбітамі мясцовых традыцый.
У гэтым годзе навучэнцы аб’яднання “Беларуская гасцёўня” са сваёй фальклорнай праграмай занялі 2 месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурса “Шчаслівы той, хто продкаў з чыстым сэрцам паважае” і атрымалі запрашэнне на ўдзел у рэспубліканскім этапе. Акрамя гэтага за творчую актыўнасць рабяты ўзнагароджаны  пуцёўкамі ў НДЦ “Зубраня”.
Прадстаўляем вашай увазе сцэнарную распрацоўку аднаго з абрадаў конкурснай праграмы.

Абрад “Гуканне вясны”
(сцэнарная распрацоўка)

Мэты і задачы: стварэнне атмасферы вясёлага народнага свята, далучэнне дзяцей да традыцый народнай культуры, развіццё творчых здольнасцей дзяцей.
Удзельнікі: навучэнцы 10–15 гадоў.
Месца правядзення: тэрыторыя сядзібы графа Пуслоўскага (г.Слонім).
Абсталяванне: напечаныя птушачкі-жавароначкі, кошычак з “галёпамі” (булачкамі), стары посуд, гаршчочкі, гліняныя свісцёлкі, зерне ў вышыванай торбачцы, вада ў гліняным збаночку, бутафорскі снег, снежная баба.
Падрыхтоўчая работа: знаёмства з каляндарна-абрадавай культурай вясновага цыкла, сустрэчы і размовы са старымі жыхарамі бліжэйшых да горада вёсак, нарыхтоўка мясцовага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, падбор аўдыяматэрыялаў, сцэнаграфія і рэжысура свята, падрыхтоўка адзення для ўдзельнікаў свята, стварэнне аблічча дзеючых асоб тэатралізаванага прадстаўлення (Вясны, Зімы), падрыхтоўка неабходнага абсталявання.

Ход мерапрыемства

Дзея адбываецца на двары каля “вясковай” хаты.

Васіліна. Дзякуй Богу, сонейка ўжо добра свеціць, але яшчэ не грэе. Няма яшчэ сапраўднай вясны і, мабыць, рана я пачала ў хаце прыбіраць ды ўсё прасушваць. Вось, нават рукі змерзлі, хоць рукавіцы надзявай.
Бабуля. Добры дзень, Васіліна, Бог табе ў дапамогу.
Васіліна. Добры дзень, дзякуй за добрыя словы.
Бабуля. (звяртае ўвагу на вырабы). Якая прыгажосць! Наткалі, відаць, за зіму са сваёй Аленай!
Васіліна. Ды ўжо ж, наткалі. А што гэта вы так цёпла апрануты, вясну палохаеце, зіму падтрымліваеце?
Бабуля. Ой, яшчэ холадна, суседачка. Ды, калі гаварыць аб вясне, то па старому звычаю вясну паклікаць трэба. Раней заўсёды так рабілі. Моладзь збіралася ды ішла на сухі прыгорак вяснянкі спяваць, вясну-красну заклікаць:
              Ой, вясна ты, вёсенка, дзе падзелася,
              Нам зіма халодная ўжо і прыелася.
Васіліна. Цікава Вы, баба, расказалі. Дзякуй Вам. Пайду дзяцей клікну, паспрабуем і мы вясну-красну пагукаць, зімку халодную прагнаць. Я і «птушачак» з самага ранку напякла – дзяцей хацела парадаваць. Марылька, Ганначка, Аленка, хадзіце хутчэй сюды, нешта цікавае вам скажу!
З'яўляюцца Марылька, Ганначка і Аленка.
Васіліна. Дзеткі, бяжыце, клічце сваіх сябровак, будзем вясну гукаць.
У двары з'яўляюцца дзеці рознага ўзросту.
Марылька. Дзякуй Вам, цётка Васіліна, і Вам, бабуля, за тое, што запрасілі нас вясну гукаць, зімку праганяць.
Аленка. Вясну-красну гукаці,
              Сцюдзёну зімку замыкаці,
              Сцюдзёну зімку ў каморачку,
              А цёплае лецечка ды і на вулачку.
              Благаславіце нас вясну гукаці!
Бабуля. (благаслаўляе). Калі ласка! Гукайце. Вясну-красну прыклікайце! Благаславі, Божа, вясну заклікаці, зімачку халодную забываці!
Дзяўчаты.Вясна - красна – гу!
                   Прыйдзі, ясна – гу!
Бабулька. А цяпер бярыце печаных жаўрукоў (дае з кошычка жаўрукоў), ідзіце на высокія мясціны, уверх іх падкідайце, каб птушкі ўбачылі, да нас прыляцелі, на сваіх крыльцах Вясну прынеслі.
Дзяўчаткі ідуць на пагорак і спяваюць песню “Вясна, вясына”.
На пагорку падкідваюць жаўрукоў і спяваюць песню “Жавароначкі, прыляціце!”. (Дадатак 1).
Васіліна. Вясна наша вясёлая – гу!
Марылька. Развесяліла зямлю, ваду – гу!
Леся. Зямлю, ваду, мяне маладу – гу!
          Ой, вясна вясёлая – гу!
          Нарасла трава зялёная – гу!
Васіліна. Ці скора ты, жаданы час,
                 Вясны-красны ідзеш да нас?
Марылька. Сагрэй ты нас, цяплом абвей,
                     Ідзі вясна, ідзі хутчэй!
Аленка. А ў лесе лісіца брэша,
               Мядзведзь рыкае, вясну гукае.
Ганначка. Вол бушуе – вясну чуе,
                   Карова раве – вясну заве.
Усе разам спяваюць песню “Вол бушуе». (Дадатак 2).
Васіліна. Дай нам жыта, ды пшаніцы,
                 У агародзе сенажаць,
                 Роўны грады,
                 Поўны грады,
                Восенню шмат коп нажаць!
(Усе разам спяваюць) Вясна наша вясёлая – гу!
                                      Развесяліла зямлю, ваду – гу!
                                     Зямлю, ваду, мяне маладу – гу!
                                     Ой, вясна вясёлая – гу!
                                     Нарасла трава зялёная – гу!
Васіліна. Ой, як добра пагукалі вясну, аж, здаецца, пацяплела.
Ганначка. Сапраўды пацяплела. Дзяўчаты, а хто гэта да нас набліжаецца ў прыгожым, яркім адзенні?
Аленка. Ды гэта ж Вясна! Вясна ідзе!
Вясна. Еду, еду на плужочку,
            Еду, еду на баронцы,
            На залатым еду канёчку,
            Я на вашай, на старонцы!
Дзяўчаты. А мы вароты адчыняем,
                   Цябе, Вёсенка, сустракаем!
Вясна (вітаецца з усімі) Доўга да вас ехала, спяшалася,
                                          Па дарозе Зімку бачыла, прывіталася,
                                          Аб жыцці-быцці распыталася.
Ганначка. Ой, Вясна-красна, што ты нам прынясла?
Вясна. А дам я вам жменю ячменю,
            Жыта карыта, мерку пшаніцы!
            Вадзіцы з крыніцы. (Сыпле зерне, пырскае вадой).
Марылька. Вясна-красна, што яшчэ прынясла?
Вясна. Маладзенькім – па плужочку,
            А старэнькім – па кіёчку.
            Маладзіцам-цёткам хаты прыбіраці,
            Ды красёнцы даткаці.
           Дзеткам добрым пагуляці!
Васіліна. Дзякуй, Вясна-красна, за тое, што не абмінула наш край!
Аленка. Дзякуй за пажаданні добрыя, за падарункі харошыя!
Нечакана для ўсіх з'яўляецца дзяўчына ў прыгожай белай вопратцы, з блішчастай каронай на белых валасах – Зіма.
Зіма. Рана, ой, рана прыйшла Вясна. Я, Зіма, не збіраюся ўступаць трон малодшай сястрыцы Вясне. Па дарозе сюды я чула, як вы песню спявалі (спявае-перакрыўляе непрыгожа спевы дзяўчат). А я чысты, крыштальны, халодны снег буду сеяць. (Раскідвае «снег».) Птушак гаманлівых, ранніх веснікаў сястрыцы Вясны, разганю, есці не дам, а іхняга галоўнага, што ў чырвоных ботах ходзіць, зусім не пушчу ў край свой прыгожы ды халодны. Сакавік, дакладна, будзе мой, бо гэты месяц заўсёды быў прадметам спрэчак паміж мной і сястрыцай. Ну, а зараз, падзьму мацней, накідаю снегу ды пайду адпачну.
Кружыцца, дзьме, сее «снег», усе хаваюцца, закрываючы сабой Вясну.
Зіма, кружачыся, выходзіць.
Ганначка. Што цяпер нам рабіць, як пакінуць Вясну-красну, як Зіму адправіць на адпачынак?
Васіліна. Не сумуйце, я ведаю, што трэба зрабіць. Нам трэба адамкнуць вясну, замкнуць зіму.
Аленка. Як гэта зрабіць?
Васіліна. А вось у чым справа, мае вы дзеткі. Дапаможа нам песня-вяснянка, зварот да пчолкі. Паўтарайце за мной. (усе паўтараюць)
                     Ты, пчолачка ярая, пчолачка ярая!
                     Ты вылеці з-за мора,
                     Ты вынесі ключыкі, ключыкі залатыя.
                     Ты замкні зімачку, зімачку сцюдзёную.
                     Адамкні лецейка, лецейка цёплае.
Аленка. Пацяплела, і снег растаў. І Зіма ад нас пайшла.
Марылька. Спалохалася Зіма ды ўцякла ў далёкі халодны край.
Васіліна. (падыходзіць да снежнай бабы). Дзяўчаткі, трэба “бабу” разбіваць на часткі, каб зіма на дзевяць месяцаў ад нас пайшла.
Весела разбіваюць снежную бабу.
Вясна. Дзякуй вам, людзі добрыя, за тое, што мяне чакалі, добра прымалі. (Нібы чаруючы) Каб вы ніколі не хварэлі. Хай нясуць вас увысь вясны арэлі!
Васіліна. Ну, вы, маладзенькія, яшчэ пазабаўляйцеся, а я пайду, гаспадаркай займуся.
Вясна. Я чула, што вы гуляць любіце?
Дзеці. Так, любім.
Вясна. Станавіцеся па кругу.
Гульня “Хатняя жывёла”
Гучыць беларуская народная песня “Кірмаш”.
Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па кругу. Пасярэдзіне – “баба”, якая спявае і суправаджае словы смешнымі рухамі. Дзеці павінны здагадацца, чый вобраз яны ствараюць.
   Бабка Еўка, дзед Талаш
   Паехалі на кірмаш.
   Што павезлі прадаваць?
   Паспрабуйце адгадаць.
Вясна. Малайцы! Жадаю ўсім гаспадарам, каб кароўкі былі здаровымі, малачка больш давалі, дамоў з пашы вярталіся – дарогі не забывалі; каб куркі добра яечкі неслі; парасяткі раслі тлустымі ды ладнымі, вадзіліся не зводзіліся.
Ну, а зараз, ісці далей мне трэба. Бывайце, людзі добрыя, бывайце. Шчыра вясною працуйце ды лецейка краснае чакайце!
(Нібы чаруючы) На жыта высокае, на ночы цёплыя, на дажджы ўраджайныя, на леты добрыя, на дружбу чыстую, на долю шчаслівую, узляціце, вясны арэлі.
Вясна дастае з сумкі птушкі-свісцёлкі і раздае іх дзяўчатам.
Дзяўчаты ў сваю чаргу радасна свісцяць у іх.
Марылька. Як жа хораша! Давайце карагоды вадзіць!
Дзяўчаты водзяць карагоды, спяваюць песні-вяснянкі.
Аленка. Ой ты, сяброўка мая, паненка,
              Прыгожая ў цябе сукенка,
              Апусці руку ў кішэню,
              Вымай загадак жменю!
Ганначка. (загадвае загадкі).
• Раніцай упала ў лебяду – удзень не знайду. (Раса).
• Ціха ў полі, ціха ў лесе
      Чуць балбоча ручаёк.
      А высока ў паднябессі
      Льецца звонкі галасок. (Жаваронак)
• З-пад снегу выйшла, расцвіла,
      І так, што аж зіма ўцякла. (Пралеска)
•  Над палацам па бярозе
 З радасцю вясновай
 Працалюб прыгожы
 Свішча адмыслова.  (Шпак)
• У лужку-лужочку
Выраслі сястрычкі,
Залатое вочка,
Белыя раснічкі.   (Рамонкі)
• Заліхвацкі вадавоз
Воз вады па небе вёз.
Гэтак грукацеў вядром,
І мы ўсе пазналі …   (Гром)
Аленка. Ой, а ўчора чулі грымоты? Я так спужалася: у сакавіку – ды гром!
Наталля. І я чула, таксама спужалася, але бабуля супакоіла, сказала, што па народным павер’і гэта добрая прыкмета: “Гром у сакавіку – прадвеснік урадлівасці”.
Алеська. Мая бабулька таксама шмат прыкмет ведае. Напрыклад: калі гусь стаіць на адной назе, другую падціснуўшы пад сябе, ці махае крыламі – да марозу; калі гусь хавае дзюбу пад крыло – таксама халадоў чакай.
Аленка. Цікавыя назіранні. Мікола, вы трымаеце гусей, як яны сябе паводзяць, якога надвор’я чакаць?
Мікола. Раніцаю бацька, як прыйшоў з вуліцы, сказаў, што, гледзячы на паводзіны жывёл, можна меркаваць, што ў бліжэйшы час маразоў не будзе.
Аленка. Ну і цудоўна!
Ганначка. Столькі спявалі, столькі гулялі, што аж есці захацелася.
Алена. Пачакайце, яшчэ адна справа важная засталася. Гаршчкі ды талеркі старыя з сабой узялі?
Усе. Узялі!
Алена. Дык, давайце разбіваць іх, матуля казала, што так мы развітваемся з усім старым, усе нягоды, усе непрыемнасці мінулага года выкідваем.
Дзяўчаты і хлопцы, весела, з гумарам, прагаворваючы тое, чаго хацелі б пазбавіцца, што хацелі б выкінуць са свайго жыцця і жыцця сваіх родных, разбіваюць посуд.
Марылька. Ой, як быццам, скінулі цяжар з плячэй. А зараз пайшлі да гаспадынькі нашай.
Падыходзяць да парога хаты і гавораць усе разам:
Гаспадынька наша,
Кідай сваю пражу,
Зіма ўжо прагнана.
Адчыняй свае дзверы,
Заві нас у госці.
Выходзіць Васіліна, запрашае ў хату, частуе гасцей.
Васіліна. Ну што, наспяваліся, нагуляліся? Зімачку прагналі? Вясну пагукалі? А я вам смачненькага прыгатавала. Частуйцеся, калі ласка! (Пасля частавання). Вось, малайцы, пачаставаліся. А зараз кідайце салому ў сцяну маёй хаты: колькі стукнецца саломінак у сцяну, столькі курыца знясе яек за год.
Хлопец кідае салому ў сцяну хаты.
 Алеська. А мая бабулька казала, што для таго, каб куры неслі шмат яек, першае знесенае яйка каталі па галаве дзіцяці і прыгаворвалі: “Курачка, курачка, знясі столькі яек, колькі ў Міколкі валаскоў!”
Васіліна. Так, ведаю я такі звычай. А хочаце, пазнаёмлю вас з яшчэ адным цікавым звычаем нашых продкаў? Бярыце, дзяўчаткі, калі ласка, “галёпы” ў мяне з кошычка і кладзіце кожная сваю ў рад: па павер’і, чыя “галёпа” будзе з’едзена першай, тая дзяўчына хутчэй за іншых выйдзе замуж. Ну, клічам сабаку.
Выпускаюць сабаку, і дзяўчаты, прыгаворваючы, клічуць яго, кожная да сваёй галёпы.
Ганначка. Веець, веець вясенні вецярок, прыйдзі, мой міленькі, дам табе піражок.
Марылька. З мёдам сычаным, з ласкаю дзявічаю.
Весела віншуюць дзяўчыну, чыю галёпу сабака з’еў першай.
На развітанне дзеці вядуць з гаспадарамі дома рытуальны дыялог.
 Дзеці. (да гаспадара) Не бачыце вы нас?
 Гаспадар. Не, не бачу!
 Дзеці. Каб жа вы не бачылі за стагамі, за снапамі, за вазамі, за мяшкамі свету!
 Дзеці. (да гаспадыні) Не бачыце вы нас?
 Гаспадыня. Не, не бачу!
Дзеці. Каб жа вы не бачылі за агуркамі, за морквай, за буракамі, за бульбай свету!
Васіліна. ( да дзяцей) Будзьце ж, мае харошыя,усе моцнымі, як вада,
                 Багатымі, як зямля,
                 Працавітымі, як пчала,
                 Прыгожымі, як вясна!
Дзеці дзякуюць гаспадыні, развітваюцца з ёю і адзін з другім.

 

ДАДАТАК 1
Вясна, вясына
 
Вясна, вяс(ы)на на калочку,
 Не напрала на сарочку.
Вясна, вяс(ы)на на прыпечку,
Вясна, вясна на прыпечку.
Не напрала на світачку.
Вясна, вяс(ы)на да й на печы,
Вясна, вясна да й на печы,
Не напрала да й на плечы.

Жавароначкі, прыляціце!
 
Жавароначкі, прыляціце!
Вясна-красна на ўвесь свет!
Вясну-красну прывядзіце!
Ідзе вясна, йдзе красна!
А зімушку праганіце!
 Вясна-красна на ўвесь свет!
Бо зімушка надаела,
Ідзе вясна, йдзе красна!
Многа хлебушка пераела,
 Вясна-красна на ўвесь свет!

 

ДАДАТАК 2
Вол бушуе
 

Вол бушуе – вясну чуе, (2)
Воран крача – сыра хоча; (2)
Дзеўка плача – замуж хоча.
– – Не бушуй, воле, пойдзеш у поле, (2)
– Да ў полі наарэшся.
– Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж, (2)
Да й замужам нажывешся.
Наараўся вол, улёгся, (2)
Воран крача, сыра з’еўшы. (2)
Дзеўка плача, сына меўшы.

 

Літаратура

1. Котович, О., Крук, Я. Золотые правила народной культуры / О. Котович, Я. Крук. – Минск : Адукацыя і выхаванне, 2007. – 584 с. : ил.
2. Крук

Рейтинг@Mail.ru

Copyright © ЦTДиМ г.Слоним 2007-- All Rights Reserved. | tsdtslonim@mail.ru

Назад к содержанию | Назад к главному меню